Мой кошык Кошык пусты Кошык пусты
Кошык пусты
Увайсьцi ў кошык

Баляслаў Прус

Баляслаў Прус (сапр. Аляксандар Главацкі, 1847—1912), нарадзіўся на Любліншчыне ў сям’і аканома. Рана застаўшыся без бацькоў, гадаваўся ў сваякоў маці. Пэўны час ім апекаваўся старэйшы на трынаццаць гадоў брат Леон, пад уплывам якога Б. Прус далучыўся да паўстання 1863 г. У адным з баёў яго паранілі, ён трапіў у турму, але быў выкуплены з няволі цёткаю. Закончыўшы ў 1866 г. гімназію ў Любліне,  Б. Прус стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Варшаўскай галоўнай школы (так у той час называлі Варшаўскі універсітэт), які мусіў пакінуць на трэцім курсе з-за матэрыяльнай нястачы. Зарабляў на жыццё разна стайнай працай: быў гувернёрам, рабочым на фабрыцы, касірам у банку. Але толькі супрацоўніцтва з варшаўскімі перыядычнымі выданнямі («Kurier Warszawski», «Ateneum», «Nowiny», «Tygodnik Ilustrowany», «Kurier Codzienny», «Wźdrowiec») дало яму пэўны дастатак. У сваіх артыкулах і фельетонах Б. Прус закранаў грамадскія, палітычныя і маральныя праблемы тагачаснага жыцця. Адначасна з журналістыкай ён распачаў і літаратурную дзейнасць, у тых жа выданнях змяшчаючы свае апавяданні, навелы,  аповесці і раманы. Раман «Лялька» — эпічная панарама варшаўскага жыцця  канца 70-х гг. ХІХ ст. — друкаваўся спачатку ў газеце «Kurier Codzienny»  (1887—1889), а пасля выйшла асобнае выданне (1890). Б. Прус напісаў таксама маральна-этычны раман «Эмансіпаткі» (1890—1893), гістарычны  раман «Фараон» (1895—1896), дзе на фоне гісторыі старажытнага Егіпта  падаў механізмы дачыненняў улады і грамадства, а ў 1909 г. выдаў раман «Дзеці», у якім крытычна паставіўся да расійскай рэвалюцыі 1905 г. Пахаваны на варшаўскіх Павозках. На помніку змешчаны надпіс «Serce serc», які гаворыць пра надзвычайную спагадлівасць Б. Пруса да людскога няшчасця і грамадскіх праблемаў.

(Фота: peoples.ru)

Усяго твораў гэтага аўтара ў Кнігарні: 2